Біяграфіі вялікіх мастакоў маюць свае легенды: яны нараджаюцца з успамінаў сучаснікаў, сямейных аповедаў, а пасля пачынаюць жыць самастойным жыццём. З цягам часу яны робяцца звыклымі і амаль не ўспрымаюцца як версіі жыцця аднаго чалавека — яны становяцца біяграфіяй. Так адбылося і з Уладзіславам Страмінскім — адным з найвыдатнейшых прадстаўнікоў авангарду, аўтарам тэорыі ўнізму.
PALATNO расказвае, як архівы Першай сусветнай вайны перапісваюць біяграфію аднаго з галоўных мастакоў XX стагоддзя.
Змест
Як стала вядома амаль па днях пра жыццё не мастака, а вайскоўца Страмінскага
Пра Уладзіслава Страмінскага напісаны дзясяткі кніг і сотні артыкулаў. Значна менш быў вядомы іншы Страмінскі — выпускнік Мікалаеўскай інжынернай школы ў Пецярбургу, афіцэр расійскай арміі, сапёр, удзельнік баёў Першай сусветнай вайны, кавалер баявых узнагарод і таленавіты ваенны інжынер.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Паміж Мінскам, Масквой і Пецярбургам: як жыў малыды Уладзіслаў Страмінскі
На працягу многіх дзесяцігоддзяў вайсковы перыяд яго жыцця заставаўся амаль не даследаваным. Прычына палягала не ў недахопе цікавасці, а ў адсутнасці крыніц. Асабістая справа Страмінскага, журналы баявых дзеянняў Асавецкай крэпасці, прадстаўленні да ўзнагарод, службовыя дакументы інжынерных падраздзяленняў захоўваліся ў расійскіх ваенных архівах. Яны былі практычна недаступныя для гісторыкаў мастацтва, таму галоўнай крыніцай ведаў пра ваенную маладосць мастака заставаліся ўспаміны яго дачкі Нікі Страмінскай.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Уладзіслаў Страмінскі вачыма дачкі: як Ніка Страмінская бачыла жыццё, мастацтва і драму бацькоў
Ніка Страмінская не была прафесійным гісторыкам і не магла працаваць з дакументамі, якія ў яе часы не выкарыстоўваліся даследчыкамі. Дачка мастака зрабіла тое, што часта становіцца першым крокам да будучай гісторыі, — захавала памяць. Дзякуючы Нікі Страмінскай і яе кнізе ўспамінаў некалькі пакаленняў даследчыкаў атрымалі магчымасць расказаць пра раннія гады жыцця Уладзіслава Страмінскага. Яе аповед стаў асновай большасці пазнейшых біяграфій, каталогаў і навуковых прац.

Пазней польскія мастацтвазнаўцы Івона Люба і Эва Паліна Вавэр у кнізе «Уладзіслаў Страмінскі. Заўсёды ў авангардзе. Рэканструкцыя невядомай біяграфіі 1893–1917» («Władysław Strzemiński. Zawsze w awangardzie. Rekonstrukcja nieznanej biografii 1893–1917») з навуковага пункту гледжання пераправерылі ўспаміны Нікі і расказалі больш рэальную карціну жыцця Уладзіслава Страмінскага. Праца польскіх даследчыц стала сапраўдным гістарычным расследаваннем. Крок за крокам даследчыцы вывучалі асабістую справу Страмінскага ў Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве, журналы баявых дзеянняў сапёрных падраздзяленняў Асавецкай крэпасці, загады па войску, прадстаўленні да ўзнагарод і многае іншае. Яны ўпершыню аднавілі жыццё маладога афіцэра Уладзіслава Страмінскага амаль па днях. Напрыклад, аўтаркі даследавання пра Страмінскага сцвярджаюць, што яго дачка памылкова прыводзіла ў сваёй кнізе ўспамінаў пэўныя факты.
Улетку 1914 года дваццацігадовы Уладзіслаў Страмінскі атрымаў афіцэрскія пагоны, перад ім адкрывалася кар’ера, пра якую марылі многія выпускнікі Мікалаеўскай інжынернай школы. У гэтай навучальнай установе рыхтавалі спецыялістаў, ад якіх залежалі будаўніцтва мастоў і ўмацаванняў, арганізацыі перапраў, фартыфікацыя, інжынернае забеспячэнне арміі і развіццё ваеннай тэхнікі. Страмінскі належаў да новага пакалення ваенных інжынераў, ад якіх патрабавалася дасканалае веданне матэматыкі, механікі, чарчэння, фартыфікаціі, уменне хутка ацэньваць мясцовасць і знаходзіць тэхнічныя рашэнні ў самых складаных умовах.
25 ліпеня 1914 года Страмінскі атрымаў званне падпаручніка, а праз некалькі дзён у Еўропе пачнецца вайна. А яшчэ праз некалькі дзён малады афіцэр атрымаў сваё першае прызначэнне — у Асавецкую крэпасць на Бебжы. Ён яшчэ не ведаў, што менавіта там абарвецца адна біяграфія і пачнецца іншая. За год да прызначэння ў Асавецкую крэпасць Уладзіслаў Страмінскі яшчэ вучыўся ў Мікалаеўскай інжынернай школе, і пра гэту частку жыцця будучага мастака трэба пагаварыць асобна.

Як Асавец стаў школай сучаснай вайны
Сёння Асавецкая крэпасць вядомая найперш дзякуючы легендарнай «атацы мерцвякоў» — эпізоду газавай атакі 6 жніўня 1915 года, які стаў адным з самых вядомых сімвалаў Першай сусветнай вайны на ўсходнім фронце. Аднак калі малады падпаручнік Страмінскі прыбыў у Асавецкую крэпасць улетку 1914 года, то той легенды яшчэ не існавала. Для Страмінскага Асавец быў месцам службы, дзе тэорыя, вывучаная ў аўдыторыях Мікалаеўскай інжынернай школы, павінны была штодня праходзіць праверку практыкай.
У Асавецкай крэпасці было важнае стратэгічнае значэнне. Яна кантралявала пераправы праз Бебжу (па беларуску — Бобра, Бебра), прыкрывала чыгуначныя шляхі на Беласток і Брэст, закрывала найважнейшы калідор паміж Усходняй Прусіяй і цэнтральнымі раёнамі Расійскай імперыі. Менавіта таму яшчэ задоўга да пачатку Першай сусветнай вайны Асавец інтэнсіўна мадэрнізавалі, рыхтуючы крэпасць да супрацьстаяння з адной з наймацнейшых армій Еўропы.
Асавец быў адным з самых сучасных інжынерных комплексаў свайго часу. Тут узводзіліся жалезабетонныя фартыфікацыі, рабіліся браняваныя назіральныя купалы, ствараліся новыя пазіцыі для кулямётаў, падземныя сховішчы, сістэмы электрычнага асвятлення, сувязі і кіравання агнём. Для ваеннага інжынера, якім быў Уладзіслаў Страмінскі, гэта была велізарная лабараторыя, дзе нараджаліся новыя прынцыпы вядзення вайны.
Пачатак XX стагоддзя быў часам сапраўднай тэхналагічнай рэвалюцыі. Еўропа яшчэ не ведала танкаў (але хутка да гэтага прыйдзе), але ўжо асвойвала авіяцыю, радыёсувязь, цяжкую артылерыю невядомай раней магутнасці, новыя выбуховыя рэчывы, электрафікаваныя сістэмы абароны. Вайна пераставала быць выключна супрацьстаяннем людзей, і ўсё больш рабілася супрацьстаяннем складаных тэхнічных сістэм.
Уладзіслаў Страмінскі хутка стаў адным з самых прыкметных афіцэраў у крэпасці. Ягонае прозвішча ўсё часцей сустракалася ў журналах баявых дзеянняў, службовых загадах і прадстаўленнях да ўзнагарод. За сухімі канцылярскімі радкамі паступова вымалёўваўся чалавек, якому даручалі ўсё больш адказныя задачы. Ён кіраваў сапёрнымі работамі, арганізоўваў будаўніцтва новых умацаванняў, працаваў на самых небяспечных участках абароны крэпасці, уваходзіў у склад спецыяльных інжынерных груп.
Першае сур’ёзнае выпрабаванне для Уладзіслава Страмінскага здарылася ў лістападзе 1914 года. Страмінскага разам з 55 сапёрамі накіравалі ў склад спецыяльнай аблогавай групы, якая дзейнічала пад Лётцэнам — сённяшнім польскім Гіжыцкам. Расійскае камандаванне рыхтавала пазіцыі для цяжкай артылерыі супраць нямецкай крэпасці, і менавіта ад працы інжынераў залежала, ці змогуць шматтонныя гарматы заняць свае месцы і адкрыць агонь. Заданне было выканана паспяхова, а малыд падпаручнік атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду — ордэн Святой Анна IV ступені.
Аднак служба пасля не стала больш спакойнай. У пачатку 1915 года германскі наступ ізноў наблізіўся да Асавецкай крэпасці. Адной з галоўных задач расійскіх сапёраў стала затрымаць праціўніка настолькі, каб асноўныя сілы паспелі арганізавана адысці на новыя пазіцыі. У гэтай сітуацыі Страмінскаму даручылі адну з самых небяспечных аперацый. Паводле журнала баявых дзеянняў, у лютым 1915 года каля Граева ён кіраваў падрывам чыгуначных шляхоў і мастоў, якія маглі быць выкарыстаныя нямецкімі войскамі. Адзін з гэтых эпізодаў выглядае амаль неверагодна: разам з адным сапёрам Страмінскі прабраўся ў тыл праціўніка і пад агнём цэлай нямецкай роты заклаў выбузоўку пад чыгуначны мост ля вёскі Руда. Падрыў моста адбываўся пад ружэйным агнём праціўніка, якія пры гэтым крычалі «Здавайся!» Мост быў знішчаны, задача выкананая, а малады афіцэр вярнуўся да сваіх. Так Страмінскі атрымаў новую ўзнагоду — ордэн Святога Уладзіміра IV ступені з мячамі і бантам (узнагарода прысуджалася за асабістую мужнасць і паспяховае выкананне асабліва небяспечных заданняў).
Пазней у Страмінскага будуць і іншыя ўзнагоды. Усе гэтыя падзеі адбываліся да моманту, які стане цэнтральным у біяграфіі Страмінскага, — да цяжкага ранення.



