Ужо зусім хутка выходзіць Grand Theft Auto VI — адна з самых чаканых відэагульняў у гісторыі. Пакуль гульцы выпраўляюцца ў сонечны Вайс-Сіці, мы вернемся ў халодны і шэры Ліберці-Сіці, каб адшукаць беларускі след.
PALATNO расказвае, чаму чацвёртую частку гульні называюць самай змрочнай часткай серыі і як ураджэнец Гомеля ствараў яе музычкую атмасферу.
GTA, у якой сонца амаль не свеціць
Кожная частка Grand Theft Auto мела ўласны настрой. GTA Vice City запомнілася неонавымі агнямі, пальмамі і музыкай 1980-х гадоў. У GTA San Andreas гульцам прапаноўвалася паглыбіцца ў вялізны свет з вулічнымі бандамі і гісторыяй пра вяртанне дадому. А пятая, самая апошняя частка серыі, ператварылася ў яркую сатыру на Каліфорнію і Злучаныя Штаты агулам.
Зусім іншай была GTA IV, якая выйшла ў 2008 годзе. Яе падзеі адбываліся ў Ліберці-Сіці — выдуманай версіі Нью-Ёрка. Замест горада неабмежаваных магчымасцей гулец бачыў халодны мегаполіс з бетоннымі дамамі, цеснымі кватэрамі, бруднымі завулкамі і людзьмі, якія спрабавалі зарабіць любым спосабам. Над горадам часта было шэрае неба, ішоў дождж, а прыглушаная колеравая гама рабіла нават сонечныя дні няўтульнымі.
У цэнтры гісторыі «Чацвёркі» быў Ніка Белік — ветэран вайны з неназванай балканскай краіны. Ён прыбыў у ЗША на грузавым караблі, каб пачаць новае жыццё. Яго стрыечны брат Раман пісаў, што ў Амерыцы мае вялікі дом, дарагія аўтамабілі, грошы. Усё гэта аказалася хлуснёй. Замест раскошнага дома Раман жыў у маленькай запушчанай кватэры, замест паспяховага бізнесу — служба таксі, замест багацця — даўгі і праблемы з мясцовымі злачынцамі. Ніка хутка зразумеў, што ніякай амерыканскай мары няма.
Чалавек, які не можа пакінуць вайну ў мінулым
Ніка Белік істотна адрозніваўся ад большасці папярэдніх герояў гульнявой серыі. Ён не марыў стаць галоўным гангстарам горада і не атрымліваў сапраўднага задавальнення ад забойстваў. Ніка разумеў, што робіць, але не бачыў іншага спосабу выжыць.
Да пераезду ў ЗША ён удзельнічаў у вайне. Яго атрад трапіў у засаду, з якой выжылі толькі трое. Ніка падазраваў, што адзін з таварышаў выдаў астатніх ворагу. Пошук здрадніка стаў адной з сапраўдных прычын пераезду ў Ліберці-Сіці.
Вайна засталася ў яго размовах, звычках і стаўленні да людзей. У адной са сцэн Ніка прызнаваўся, што пасля перажытага чалавечае жыццё ўжо не падавалася яму чымсьці асаблівым. Ён спрабаваў збегчы ад мінулага, але прывёз яго з сабой у Амерыку.
Падобныя героі ўжо з’яўляліся ў крымінальным кіно, але для GTA такі персанаж быў незвычайным. Раней серыя ў першую чаргу высмейвала амерыканскую культуру і дазваляла гульцу будаваць уласную злачынную імперыю. У GTA IV жарты нікуды не зніклі, але за імі хавалася гісторыя пра вайну, траўму і эміграцыю.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Беларусь як гульня. Чатыры легендарныя гульні, якія маглі быць пра беларусаў

Амаль кожны чалавек, якога сустракаў Ніка, чакаў, што грошы вырашаць яго праблемы. Раман марыў выплаціць даўгі і жыць у раскошы, бізнесмены хацелі пашырыць свой уплыў, дробныя бандыты спадзяваліся страіць тое, што ўжо атрымалі.
Ніка выконваў іх заданні і паступова прасоўваўся па крымінальнай іерархіі. Аднак ягонае жыццё не станавілася лепшым. Чым больш ён зарабляў, тым больш людзей хацелі яго выкарыстаць або забіць. Напрыканцы гульня прымушала выбраць паміж помстай і спробай заключыць апошную здзелку. Ні адзін выбар не прыводзіў да шчаслівага фіналу: праз рашэнне Ніка гінуў або Раман, або ягоная дзяўчына Кейт.
Амерыканская мара, дзеля якой герой перасёк акіян, заставалася недасягальнай. Ніка мог набываць дарагое адзенне, зброю і аўтамабілі, але не мог вярнуць загінулых і пазбавіцца ад уласнага мінулага.
Усходняя Еўропа пасярод Нью-Ёрка
Для гісторыі Ніка распрацоўшчыкі стварылі ў Ліберці-Сіці асобны ўсходнееўрапейскі свет. Першым раёнам, які бачыў гулец, быў Hove Beach — аналаг нью-ёркскага Брайтан-Біч з вялікай супольнасцю эмігрантаў з былога СССР. На вуліцах можна было пачуць рускую і іншыя ўсходнееўрапейскія мовы. На крамах і рэстаранах віселі шыльды на кірыліцы, а сярод мясцовых злачынцаў былі выхадцы з Балканаў і постсавецкіх краін.
Адной з галоўных частак гэтага свету стала радыёстанцыя Vladivostok FM, якую вяла ўкраінская спявачка Руслана. У афіцыйным апісанні распрацоўшчык гульні Rockstar Games апісваў радыёстанцыю як радыё ўсходнееўрапейскай супольнасці з музыкай з Расіі, Беларусі і Украіны. Гэта адна з нешматлікіх непасрэдных згадак Беларусі ў сусвеце GTA.
На гэтай станцыі загучаў ураджэнец Гомеля Сяргей Пархоменка, больш вядомы як Сярога.
Сярога нарадзіўся ў 1976 годзе ў Гомелі. У пачатку 2000-х гадоў ён стаў адным з найбольш вядомых рускамоўных рэпераў. Асаблівую папулярнасць яму прынесла песня «Чёрный бумер», але распрацоўшчыкаў GTA зацікавіла іншая кампазіцыя — «King Ring». Песня была створаная для расійскага фільма «Бой с тенью».
У снежні 2007 года Rockstar выпусціў трэці трэйлер GTA IV. У ім паказалі перастрэлкі, пагоні, выбухі і галоўных герояў будучай гульні. Усё гэта суправаджала песня Сярогі.
Rockstar тлумачыла, што «King Ring» абралі з-за яе энергіі і незвычайнае гучанне. На думку распрацоўшчыкаў, усходнееўрапейскі танцавальны рэп добра перадаваў шматнацыянальную атмасферу Ліберці-Сіці. Праўда, у тагачасным каментарыі кампанія прадставіла ўраджэнца Гомеля як надзвычай папулярнага выканаўцу з Расіі, не акцэнтуючы ўвагу на яго беларускім паходжанні.
Супрацоўніцтва Сярогі з Rockstar Games не скончылася на ўжо гатовым трэку. Для GTA IV ён запісаў асобную кампазіцыю — «Liberty City: The Invasion». Песня расказвала пра хлопца з Усходняй Еўропы, які пераязджае пакараць вялікі амерыканскі горад.
Праз дзесяць гадоў пасля выхаду GTA IV у гульні змяніўся саўндтрэк. У 2018 годзе скончыўся тэрмін дзеяння часткі музычных ліцэнзій, таму Rockstar выдаліла дзясяткі кампазіцый і замяніла іншымі. Асабліва моцна пацярпела радыёстанцыя Vladivostok FM. З яе першапачатковага эфіру зніклі песні «Кино», «Ленинграда», «Сплина», «Ранеток», Басты, Глюкозы і іншых выканаўцаў. Была выдаленая і «King Ring» ад Сярогі.
Замест выдаленага трэка дадалі песні Сярогі «Чики», «Добавь скорость» і «Mon Ami». Апошнюю ён запісаў разам з Максам Лорэнсам (Максімам Сапацьковым), таксама ўраджэнцам Гомеля. Так што праз дзесяць гадоў колькасць беларускіх галасоў у эфіры радыёстанцыі з Ліберці-Сіці павялічалася.
Што стала з Сярогам пасля GTA IV
Удзел Сярогі ў музыкальнай частцы вытворчасці GTA IV прыйшоўся на адзін з найбольш паспяховых перыядаў у кар’еры рэпера. У 2008 годзе ён выпусціў альбом «Хроника парнишки с гомельских улиц», у які ўвайшла напісаная для гульні кампазіцыя. У тым жа годзе выканаўца агучыў бегемота Мота-Мота ў рускім дубляжы ў мультфільме «Мадагаскар 2».
Паўтарыць поспех «Чёрного бумера» яму ўжо не атрымалася, але з музычнай індустрыі ён не знік. Сярога спрабаваў змяняць вобразы і жанры. Значная частка ягонай пазнейшай кар’еры была звязаная не з Беларуссю, а з Украінай. Сярога доўгі час жыў у Кіеве, меў там права на пастаяннае пражыванне і нават, паводле медыя, разглядаў магчымасць атрымаць украінскае грамадзянства. У 2010-2013 гадах ён быў адным з суддзяў украінскага шоу «X-Фактор», удзельнічаў у іншых тэлевізійных праектах і працягваў выпускаць музыку. Пазней яго кар’ера пачала перамяшчацца ў Расію.

Сваю пазіцыю адносна беларускіх пратэстаў у 2020 годзе Сярога выразна агучыў толькі ў 2021 годзе ў інтэрв’ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону. Музыка расказаў, што наведаў Беларусь і ўбачыў там чысціню, спакой і шмат людзей са шчаслівымі тварамі. Лукашэнку ён назваў «захавальнікам балансу». Падчас размовы ён паставіў пад сумнеў маштабы гвалту над удзельнікамі пратэсту.
Неўзабаве супрацоўніцтва выканаўцы з дзяржаўнай беларускай сістэмай стала больш заўважным. У тым жа 2021 годзе Сярога выступіў на свяце «Купалле» ў Александрыі, якое наведвае Лукашэнка. Са сцэны рэпер прапанаваў праверыць, у каго з іх мацнейшы поціск рукі, пасля чаго падышоў да Лукашэнкі. Сярога абвясціў ягоны поціск самым моцным у Еўропе.
На крытыку ў інтэрнэце Сярога адказваў, што з’яўляецца расійскім «дзяржаўнікам», а Сталіна называў «вялікім гуманістам». Пазней ён выступаў з ідэямі пра беларусаў, расіян і ўкраінцаў як нібыта адзіны народ, якому супрацьстаіць Захад.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Сярога доўгі час не рабіў адназначных публічных заяў. У 2024 годзе ён падтрымаў Расію.
* * *
Паміж Сярогам і Нікам Белікам з GTA IV можна знайсці падабенства. Абодва паходзяць з Усходняй Еўропы і спрабуюць пабудаваць жыццё па-за месцам, у якім раслі. Аднак гэта пераважна знешняе падабенства.
Ніка Белік не захапляецца моцнай дзяржавай, вайной або «цвёрдай рукой». Наадварот, ягоны жыццёвы досвед навучыў не давяраць палітыкам, камандзірам і людзям, якія заклікаюць іншых паміраць дзеля вялікіх ідэй. Вайна для яго не з’яўляецца гераічным мінулым, а траўмай, якая зрабіла яго здольным на забойства. Сярога, наадварот, стаў прыхільнікам «моцнай дзяржавы».
Разам з гэтым у гісторыях персанажа гульні Ніка і рэальнага рэпера ёсць трывожнае падабенства. Абодва вярнуліся да свету, ад якога спрабавалі ўцячы. Ніка ў Амерыцы зноў становіцца часткай сістэмы гвалту, а Сярога пасля яркай кар’еры вяртаецца да савецкіх і імперскіх уяўленняў пра моцную дзяржаву і варожы Захад.
